Хлопец з Кобрына, які змяніў пол, расказаў, як яго дапытвалі ў міліцыі
Іван-Янук працаваў настаўнікам гісторыі і сацыяльным педагогам. Да таго часу ў 2022 годзе ён змяніў пол і ўзяў новае імя. Летась да хлопца прыйшлі з міліцыі. Пасля перажытага ён выехаў з краіны.
Сваёй гісторыяй Іван-Янук падзяліўся ў праекце «Мы вернемся».

Іван жыў у Кобрыне. У 2019 годзе ён звярнуўся ў камісію, якая разглядае пытанне трансгендарнага пераходу, і стаў на ўлік у сэксолага. Праз год і два месяцы яго запрасілі на спецыяльную камісію, якая дазволіла яму змяніць пол.
Працэс пераходу ў выпадку Івана трохі зацягнуўся. Як тлумачыць герой, ён чакаў таго моманту, калі стане фінансава незалежным ад сям'і, бо яго трансгендарны пераход бацькі не падтрымалі. Асабліва цяжка складваліся адносіны з бацькам.
«Калі я ва ўзросце 15-16 гадоў пачаў трохі выглядаць як хлопец (я сабе абстрыг валасы, пачаў насіць больш мешкаватае ўнісэкс адзенне), ён купляў мне жаночую карункавую бялізну і прымушаў яе пры ім апранаць і прасіў пакруціцца. Мог мяне дзесьці памацаць».
«Для мяне правялі асобную камісію ў ваенкамаце»
Іван дзеліцца, што, калі шукаў працу ці хадзіў у ваенкамат, яму шанцавала на людзей.
«Калі я пачынаў сваю першую працу ў KFC, у мяне былі на той момант жаночыя дакументы. І ў дырэктара рэстарана не было ніякіх пытанняў да мяне. Яна мяне прадставіла калектыву як Івана. І звярталася да мяне ў мужчынскім родзе.
У ваенкамаце, калі мне трэба было атрымліваць ваенны білет, мне правялі камісію асобна ад усіх, каб і мяне ніхто не бянтэжыў, і я нікога. З дактарамі таксама ў Кобрыне амаль не было нейкіх праблем».
Апошнім часам у Беларусі Іван-Янук працаваў настаўнікам гісторыі і сацыяльным педагогам у школе-інтэрнаце ў Кобрыне, арганізоўваў розныя мерапрыемствы.
Прыход міліцыі
У сярэдзіне лета 2024 года Іванам зацікавілася міліцыя. Як расказвае хлопец, аднойчы ўвечары ў кватэру цёткі, у якой ён жыў, прыйшлі два міліцыянты без формы. Яны папрасілі яго ўзяць з сабою тэлефон і прайсці разам. У машыне сілавікі прадставіліся супрацоўнікамі аддзела па наркагандлі і гандлі людзьмі.
На пытанне Івана, якія адносіны ён мае да такой дзейнасці, міліцыянты адказалі, што хочуць проста з ім паразмаўляць. «Давай раскажы, ці заўсёды ты быў хлопцам», — прапанавалі сілавікі. Ён расказаў, што ў 22-м годзе змяніў дакументы з жаночых на мужчынскія.
«Яны такія: «Так ты дзяўчына». Я адказваю: «Не, не дзяўчына, я хлопец». Яны: «Добра, а паміж ног у цябе што?». Я сказаў, што такія пытанні некарэктна задаваць і я не хачу на іх адказваць. Яны зноў: «Ну ты скажы, што ў цябе паміж ног». (…) Я пытаюся: «А ў вас што?», — згадвае акалічнасці размовы Іван.
Пасля гэтага, па словах хлопца, сілавікі пачалі вывучаць яго тэлефон. У нейкі момант яны знайшлі яго дзіцячыя здымкі. І пазней дапытвалі, ці падабаюцца яму маленькія дзеці. У нейкі момант прагучала: «А вось калі мы цябе тут у машыне згвалцім, што ты будзеш рабіць?»
Янук заўважае, што вельмі баяўся, што сілавікі знойдуць у яго тэлефоне матэрыялы, якія сведчаць аб яго ўдзеле ў пратэстах 2020 года ў родным Кобрыне.
«Яны гэта ўжо знайшлі ў аддзяленні. Але іх гэта не зацікавіла. Яны проста: «А, ну ты таксама там удзельнічаў. Ну добра». І ўсё. Яны за гэта не зачапіліся. Я зразумеў, што іх не цікавіць мая палітычная дзейнасць, іх больш цікавіць, літаральна, што ў мяне ў штанах знаходзіцца і з кім я сэксам займаюся», —
даводзіць Іван і расказвае, што яшчэ ў машыне сілавікі ў яго пыталіся, дзе ён хавае свае грудзі, прасілі падняць адзенне і паказаць.
«Я думаў, што з мяне ўсё ж такі сцягнуць штаны»
У аддзяленні міліцыі, па словах Івана, яго зноў сталі пытацца, што ў яго пад адзеннем.
«А потым адзін з іх кажа: «А давай мы зараз паглядзім». І ён проста падыходзіць, хапаецца за мой рэмень і пачынае яе расшпільваць. Я яго б'ю па руках і кажу, што не буду нічога паказваць. Ён супакоіўся, адсеў назад, і мяне больш не чапалі. Але сітуацыя вельмі паўплывала на мяне ў сэнсе ментальнага стану. Я думаў, што з мяне ўсё ж такі сцягнуць штаны».
Калі міліцыянеры ўбачылі ў пашпарце хлопца штамп аб шлюбе, гэта выклікала новую хвалю цікаўнасці:
«Яны пыталіся, як мы займаемся сэксам, як часта я займаюся мастурбацыяй, ці займаюся я мастурбацыяй. Я пытаю: як гэтыя пытанні звязаныя з маім затрыманнем? Яны адказалі, што проста са мной размаўляюць».
У школе прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні
Калі міліцыянеры даведаліся, што хлопец працуе ў школе, то выказалі меркаванне, што «такія людзі не павінны працаваць у школе», таму што «могуць дзецям нешта не тое сказаць».
На момант пачатку працы ў школе Іван ужо змяніў дакументы, таму пра яго трансгендарны пераход там ніхто не ведаў. Праблемы пачаліся пасле размовы з міліцыяй. У пачатку навучальнага года ў школу прыязджалі супрацоўнікі пракуратуры. Пасля гэтага яго выклікала дырэктар школы і прапанавала звольніцца па ўласным жаданні.
«Мне дырэктар сказала, што яны ёй сказалі, што ў мяне ёсць праблемы з законам. Я разумею, што ў мяне няма ніякіх праблем з законам, акрамя затрымання, якое было ў сярэдзіне лета. Я ў яе пытаюся, якія праблемы. Яна ўздыхае і гаворыць: «Ты ведаеш».
Пасля звальнення з школы Іван два месяцы адпрацаваў барыста ў кавярні «Параграф» у Кобрыне. Але вымушаны быў з'ехаць, бо яму і яго родным званілі з міліцыі. На гэты раз цікавіліся яго палітычнай пазіцыяй, яго шлюбам.
«Я зразумеў, што мне тут спакою не дадуць, і я проста з'ехаў». У транзітнай зоне аэрапорту ў Польшчы Іван запрасіў міжнародную абарону.
Большасць студэнтаў БДУ лічыць прымальнымі гомасэксуальнасць і аднаполыя шлюбы
Як трансгендар абваліў продажы самага папулярнага амерыканскага піва
У Германіі кожны зможа па ўласнай заяве змяніць пол і імя. І гэта можна будзе рабіць штогод
Міжнародная федэрацыя плавання ўводзіць катэгорыю для трансгендараў
Каментары