Каханне і сэкс5050

«Усё было проста катастрафічна». Журналіст Тарналіцкі скардзіцца на правальныя спробы знайсці сабе пару ў дадатках для знаёмстваў

Журналіст «Еўрарадыё» Тарас Тарналіцкі падзяліўся сваім досведам пошукаў стасункаў у дадатках для знаёмстваў: ён чакаў, што будзе хадзіць на рамантычныя сустрэчы некалькі разоў на тыдзень, але больш чым за месяц карыстання Tinder і Badoo ў яго атрымалася пабыць усяго на адным паўнавартасным спатканні.

Тарас Тарналіцкі. Фота: фэйсбук

«Лічу, што фіяска татальнае», — каментуе хлопец.

«Нашай Ніве» Тарас распавёў пра свае стратэгіі, няўдачы і высновы.

Першы раз Тарас рэгістраваўся ў тындары яшчэ ў сярэдзіне 2010-х выключна дзеля цікаўнасці.

«Мне тады трапілася картка з дзяўчынай, якая нагадвала мужчыну, — мяне гэта вельмі насмяшыла. Пасля гэтага я закрыў тындар і больш ім не карыстаўся. У Беларусі мне хапала людзей афлайн — у мяне былі рамантычныя стасункі з некалькімі дзяўчатамі, з якімі мы пазнаёміліся на розных мерапрыемствах. У эміграцыі ўсё стала інакш: я зразумеў, што знайсці патрэбных мне людзей вельмі складана, яны знікаюць — фактычна як пясок праходзіць скрозь пальцы.

Я склаў сабе спіс дзяўчат, якія мне падабаліся яшчэ ў Мінску і якія таксама трапілі ў эміграцыю, пачаў дазнавацца, з кім яны сустракаюцца, з кім жывуць, і зразумеў, што амаль усе яны занятыя. Гэта было балюча».

Тарас прызнаецца, што даўно ні з кім не сустракаўся, але менавіта ў эміграцыі асабліва моцна адчуў самоту, таму вырашыў шукаць больш-менш трывалыя стасункі.

«Я, канечне, не лічу сябе старым, але 35 гадоў — гэта ўжо не тое каб малады чалавек, хутчэй — сярэдняга ўзросту. З гэтай нагоды я вырашыў скарыстацца Tinder і Badoo. Пазначыў Варшаву для пошукаў, каб не вельмі далёка, бо не веру ў стасункі на адлегласці».

Тарас чакаў, што як толькі зарэгіструецца, то адразу пачне хадзіць на спатканні як на завод, «толькі зарабляй грошы на кветкі і кафэ», але рэальнасць аказалася іншай.

«Пасля рэгістрацыі ў тындары атрымалася недзе 10 лайкаў, у «Баду» прыблізна столькі ж. У мяне пайшлі нават мэтчы (супадзенні — НН), і спачатку дзяўчаты мне нешта адказвалі, але потым або пачыналі маўчаць, альбо ніяк не рэагавалі. У выніку я змог выцягнуць на размову ўсяго адну дзяўчыну — гэта была ўкраінка, але з дзіцём. Мы з ёй дамовіліся на сустрэчу, але потым я маладушна перастаў ёй пісаць і адфрэндзіў. Нічога не маю супраць дзяцей, але нешта не склалася тут. Яшчэ адна дзяўчына таксама была ўкраінка, ужо трохі старэйшая, і яна мне больш спадабалася. Я нават разлічваў на нейкую хімію, але ў выніку таксама не склалася.

Агулам усё было проста катастрафічна, бо я ўяўляў, што буду мець па некалькі спатканняў на тыдзень».

Тарас вырашыў спытаць у ChatGPT, у чым можа быць загваздка. Той адказаў яму, што, магчыма, у хлопца нецікавая анкета, але справа можа быць і ў высокай канкурэнцыі.

«Апошняе выглядае праўдай — мне знаёмыя дзяўчаты пісалі, што польскія кабеты любяць спаткацца з замежнікамі, а не з хлопцамі з Усходняй Еўропы: баяцца ці моўнага бар’еру, ці нейкіх палітычных момантаў. Навошта ім незразумелыя жыхары постсавецкіх краін з аўтарытарнай уладай, калі ёсць брытанцы ці немцы, якія зарабляюць больш, і з імі можна паразмаўляць на англійскай мове больш якасна», — расказвае Тарас.

Паралельна хлопец тэсціраваў беларускі дадатак для знаёмстваў «Віт!», але там таксама не пайшло.

«Я напісаў 14 дзяўчатам, з іх я змог паразмаўляць з трыма. Адна, з Варшавы, у выніку перастала мне адказваць, а дзве іншыя жылі ў Беларусі, з імі сустрэцца не атрымалася».

Хлопец пісаў і полькам, і ўкраінкам, і беларускам, і расіянкам. Спрабаваў мяняць стратэгіі дыялогу, набыў платную падпіску ў «Баду» на тыдзень, але нічога не працавала.

«З адной беларускай быў мэтч. Я ў яе запытаў, ці зможам мы размаўляць па-беларуску, яна адказала, што беларускую не вельмі ведае, але я магу пісаць. І вось я спрабаваў, потым запрасіў яе на спатканне ў кафэ, але яна нічога не адказала. Я пачакаў пару дзён і зрабіў анмэтч.

Падобнае было з яшчэ адной дзяўчынай з Украіны — я таксама спрабаваў паклікаць яе ў кафэ, але яна ніяк не рэагавала. Не магу сказаць, чаму так адбываецца — магчыма, праблема ў анкеце, магчыма, ува мне, у тым, як я вёў размову. А магчыма, дзяўчатам проста нецікава было — яны альбо занятыя, альбо канкурэнцыя больш якасных мужчынскіх анкет ёсць. Я спрабую тут не моцна шукаць прычыны ў сабе, бо гэта заганяе ў сітуацыю рэфлексіі, што са мной праўда нешта не так».

Замест таго, каб заганяцца, Тарас і далей плануе тэставаць іншыя стратэгіі і новыя дадаткі.

«Паспрабую нешта выправіць — думаў, можа, іншыя фотаздымкі зрабіць: яны ў мяне больш-менш свежыя, але не ўсе студыйныя. Таксама крыху дало плён хутчэй ад дыялогу пераходзіць да прапановы сустрэчы. Яшчэ ChatGPT параіў мне паспрабаваць і іншыя дадаткі, таму я планую зарэгістравацца ў Bumble ці Hinge, пагляджу, як там будзе лавіцца рыба. У тындары, магчыма, паспрабую набыць платную падпіску, але дакладна не цяпер — ён мне нешта зусім не спадабаўся. Дадатак прыгожы, з класным дызайнам, там шмат людзей, але па факце нейкага выніку ён мне не прынёс. Да таго ж можна актыўней вучыць мясцовыя мовы і спрабаваць шукаць людзей іншымі спосабамі.

Вось я люблю хадзіць у каворкінгі, на вечарыны і канцэрты. Але там складана, бо людзі ўжо прыходзяць з кімсьці і трэба праводзіць палявы рэсёрч (даследаванне. — НН), высвятляць, ці ёсць у чалавека нехта ці не. Гэта як халодныя званкі — ты падыходзіш і да людзей, якія не гатовыя да стасункаў, але калі падыдзеш да вялікай колькасці, магчыма, з нейкага разу зможаш кагосьці знайсці.

У дадатках, мне падавалася, будзе прасцей, бо ў іх людзі нібыта адразу гатовыя ці да размоваў, ці да спатканняў, ці да сэксу. Але па факце там сядзяць вельмі розныя людзі».

Так ці інакш, заломваць рукі па прычыне бягучых няўдач журналіст не плануе.

«Можа, пакуль няма таго чалавека, які мне патрэбны, але ён знойдзецца. Галоўнае, не губляць надзею, памятаючы, што мы самі ствараем свой лёс».

Усім, хто таксама ў актыўным пошуку, Тарас раіць верыць у сябе і не будаваць завышаных чаканняў ні ад дадаткаў, ні ад спатканняў. А таксама не браць на веру ўсё, што парэкамендуе штучны інтэлект.

«Я ў ChatGPT запытаў пасля адзінага спаткання, што мне рабіць, калі я адчуваю, што мы не вельмі мэтчымся з дзяўчынай у прыярытэтах — ён мне параіў, што трэба развітацца. І я тады ёй напісаў, што, напэўна, мы адно аднаму не пасуем, і дадаў, што, магчыма, не толькі я так лічу, але і яна. То-бок, яшчэ і дадумаў за яе. Мой сусед па кватэры, з якім я здымаю хату, сказаў мне, што дарма я так зрабіў, трэба было спачатку паразмаўляць з ёй. Я і сам потым зразумеў, што гэта крынжова было з майго боку. Карацей, ведайце, што штучны інтэлект можна даваць зусім не карысныя парады».

Каментары50

  • Ololo
    06.03.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Дзіма
    06.03.2025
    "польскія кабеты любяць спаткацца з замежнікамі, а не з хлопцамі з Усходняй Еўропы: баяцца ці моўнага бар’еру, ці нейкіх палітычных момантаў"

    Ды напішыце ўжо без сораму, як ёсць – многія палякі проста лічаць нас людзьмі другога гатунку і чакаюць, калі мы ўсе "спярдалім на Украіну".
  • Парада
    06.03.2025
    Працягвай стасавацца з ChatGPT. А мастурбацыя абыходзіцца значна танней за серыйная паходы ў рэстарацыі.

Бацькі дзяўчынкі, якой сабралі на лячэнне амаль 2 мільёны даляраў, вырашылі не рабіць уколу9

Бацькі дзяўчынкі, якой сабралі на лячэнне амаль 2 мільёны даляраў, вырашылі не рабіць уколу

Усе навіны →
Усе навіны

Расія прапануе пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў7

Лукашэнка назваў праект нумар адзін у эканамічным супрацоўніцтве з РФ4

Махляры выпрабоўваюць абсалютна новы і інавацыйны спосаб выманьвання грошай10

Дзяржсакратар Рубіа: Спыненне вайны ва Украіне запатрабуе саступак з абодвух бакоў5

Што за знакі стаяць уздоўж Свіслачы ў Мінску? З'явіўся афіцыйны адказ3

EPAM: Працягваем працу ў Беларусі, але ёсць рызыкі3

Што за 26-гадовы кіроўца з Лепеля, які пайшоў ваяваць за Расію і знік без вестак пад Ваўчанскам?15

Хлопец з Кобрына, які змяніў пол, расказаў, як яго дапытвалі ў міліцыі8

Буйны пастаўшчык гаспадарчых тавараў і посуду будуе новую сетку крамаў у Мінску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бацькі дзяўчынкі, якой сабралі на лячэнне амаль 2 мільёны даляраў, вырашылі не рабіць уколу9

Бацькі дзяўчынкі, якой сабралі на лячэнне амаль 2 мільёны даляраў, вырашылі не рабіць уколу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць