У лютым на волю выйшлі як мінімум 16 беларускіх палітзняволеных: 13 цалкам адбылі тэрміны, яшчэ трое былі памілаваныя Лукашэнкам і вывезеныя з Беларусі. «Вясна» ў штомесячным дайджэсце расказала пра вызваленых палітвязняў Генадзя Драздова, Аляксандра Пашкевіча і Андрэя Кандрасюка.

Адзін з тых, хто ў лютым выйшаў на волю — мастак Генадзь Драздоў, які правёў больш за 2 гады і 6 месяцаў у зняволенні.
Мастака і былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» затрымалі ў сярэдзіне жніўня 2022 года. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў. Адразу паведамлялася, што супраць Генадзя завялі крымінальную справу за «актыўны ўдзел у акцыях пратэсту» ў 2020 годзе (арт. 342 КК), аднак пазней стала вядома, што яго вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Вясной 2023 года яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі.
Тэрмін мужчына адбываў у шклоўскай калоніі № 17, адкуль, па падліках праваабаронцаў, выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну напрыканцы лютага 2025 года. Вядома, што зімой 2023 года Генадзя змяшчалі ў ШІЗА. У няволі мастак перанёс два інсульты.

Іншы вызвалены палітзняволены, Аляксандр Пашкевіч, правёў у няволі больш за 2 гады і 7 месяцаў.
Палітвязень быў затрыманы 20 студзеня 2022 года ў межах крымінальнай справы «аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
15 красавіка 2022 года быў вынесены прысуд: Аляксандра прызналі вінаватым і прызначылі яму тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мужчыну вызвалілі ў зале суда да накіравання ў ПУАТ. 9 ліпеня 2022 года Аляксандр пачаў адбываць пакаранне ў мазырскім ПУАТ № 21. Па падліках праваабаронцаў, ён выйшаў на волю напрыканцы лютага.

Андрэй Кандрасюк вызваліўся пасля больш за 3 гады і 9 месяцаў у зняволенні.
Жыхара Брэста абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) за акцыі пратэсту ў Брэсце 9-10 жніўня 2020 года.
10 жніўня падчас акцыі пратэста Андрэй быў моцна збіты АМАПам. Ён хацеў адвесці ў бок ад АМАПу жанчыну, пасля чаго яго схапілі сем сілавікоў і моцна збілі. У РАУС міліцыя выклікала хуткую, бо Андрэй увесь быў у крыві. Ён трапіў у бальніцу: у яго былі траўма галавы, гематомы па ўсім целе, яму накладалі швы. Па факце збівання Кандрасюка была пададзена заява ў Следчы камітэт на ўзбуджэнне крымінальнай справы. Гэтая справа так і не была заведзеная, але на самога Андрэя напрыканцы 2020 года завялі справу за «ўдзел у масавых беспарадках».
У красавіку 2021 года яго затрымалі і змясцілі пад варту. Ужо праз чатыры месяцы яму прызначылі 4 гады пазбаўлення волі. Па падліках праваабаронцаў, палітвязень выйшаў з ПК № 15 на волю 2 лютага.
«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу
Пацверджаная інфармацыя пра вызваленне пяці палітзняволеных з Гомельшчыны
«Дзеці сказалі, што я здрадзіла ім». Вывезеная палітзняволеная Алена Маўшук расказала пра сямейную драму
Стала вядома, што за амерыканец нядаўна быў вызвалены з беларускай турмы
Каментары